Прамова рэдактара. Дробным шрыфтам
Да таго ж пытанне даверу мiж людзьмi не актуалiзавалася, якi рэгiен на мапе дзяржавы нi абяры. Нават у крымiнальныя 1990-я тутэйшая талерантнасць цеплынёй свайго агню знiшчала непрагляднасць цемры смутных маргiнальных часоў.
Аднак глабальная змена сусвету з яго ўвагай да дэталяў капiтальна паўплывала нават на тую рысу нашага нацыянальнага характару, што здавалася намёртва зашытай у ДНК. Беларусы сталi прыглядацца да нонпарэлi пад афiцыйнымi дамовамi, каб дэталёва зразумець нюансы кожнай паперчыны. Яны свядома прапускалi велiзарныя “Ш” ды “Б” у рэкламных прапановах i аналiзавалi мiнiяцюрныя нататкi, каб не падмануцца ў чаканнях. Яны нават за зноскi ў кодэксах пачалi чапляцца вокам — на ўсялякi выпадак, калi давядзецца баранiць свае правы.
Таму, напэўна, шмат хто з чытачоў вось ужо другi нумар запар заўважае на апошняй старонцы “ПБ”, у самым яе падмурку, маленькую ракiроўку. Дадзеныя галоўнага рэдактара “Сергей Михайлович Кайко” змянiлiся iншым, больш даўжэзным надпiсам. I адпаведна гэта справакавала шматлiкiя сумневы ды пагалоскi. Бо для тых, хто чытае газету з моманту заснавання, любая змена ўнутры рэдакцыi — катастрофа. А таксама дадатковы “пахавальны” аргумент у спрэчцы на тэму “Той цi не той сёння “Прэсбол”.
Безумоўна, ужо не той — i тым заставацца не мог, нi ў будзь-якiх акалiчнасцях. Межы атрымання iнфармацыi размылiся, змянiўся кантэкст яе ўспрыняцця. А велiзарны выбар платформ для абмеркавання ператварылi карыстальнiка адначасова i ў аўтара, i ў крытыка, i ў цэнзара.
Канешне, прасцей усяго ў такой сiтуацыi замкнуцца ў вежы са слановай касцi: зрабiць выгляд, што свет застаўся былым, iгнараваць iнтэрнет-рэвалюцыю i, на радасць рэтраградам, калi што i змянiць, то толькi назву. “Каб не псаваць светлае iмя некалi цудоўнай газеты”, — як павучальна кажуць тыя, каму нават новы шрыфт рэжа вока.
Замест гэтага мы паспрабуем змянiцца самi. Магчыма, не максiмальна рэзка i дакладна не адным махам. Аднак неадменна паспрабуем зрабiць так, каб на старонках “ПБ” (што друкаваных, што вiртуальных) за спартыўны кантэнт чаплялася вока як суворага бiзнэсмена, так i мiтуслiвай хатняй гаспадынi.
Абяцаць залатыя горы не будзем — гэта справа ўсялякiх трампаў ды макронаў. А вось шчырымi ў дачыненнi да чытачоў нязменна застанемся: сапраўдныя каштоўнасцi “Прэсбола” за 30 гадоў iснавання не змянiла нават iмклiвая дзiджыталiзацыя.
Ну а паколькi разлiчваем на сур»ёзны крэдыт даверу з боку беларусаў, то папросiм у якасцi аванса крышачку ўзаемнасцi. Бо мы таксама хвалюемся — усе ж пакрысе намагаемся пераўтвараць звыклы лад жыцця. Так, памылак на гэтым шляху не пазбегнуць. Аднак калi яны здарацца, то прынясем прабачэннi i зробiм усё, каб хуценька выправiцца. Бо для “ПБ” — хто б нi быў яго галоўным рэдактарам — першапачатковай задачай з»яўляецца захаванне свайго чытача. Мудрага, сумленнага, разважлiвага.
I паверце: у гэтай дамове з кожным, каму блiзка слова “Прэсбол”, няма падвоху ды дробных лiтар.
Комментарии
Пожалуйста, войдите или зарегистрируйтесь