Зварот. Спынiце агрэсiю!
У моманты, калi гульцы з»яўляюцца з падтрыбунных памяшканняў цi атлеты ўшчыльную падыходзяць да стартавай лiнii, быццам адчыняюцца дзверы ў паралельную рэальнасць. Тую, дзе ўсе, хто знаходзяцца побач, сябры i аднадумцы. Тады як надзея на поспех улюбёнцаў натхняе верай i спадзяваннем, ад якiх матылькi вiруюць у душы.
Спартыўны журналiст — быццам той апостал Петра, што валодае ключамi ад сакральнай брамы. I кожны раз, калi душы заўзятараў прагнуць патрапiць у свет дабрынi i святла, адмыкае дзверы. Праз голас у падкасце, лiтары ў тэксце цi фота ў iнтэрнэт-артыкуле ён накiроўваецца разам з натоўпам у чароўны свет. I звяртае ўвагу ўсiх вандроўнiкаў на асаблiвасцi наваколля на працягу чароўнага маршруту.
Аднак сёння ва ўсiх нас перахапiла голас. Знiкла жаданне варушыць пальцамi па клавiятуры. Зацягнула вочы заслонай слёз ад немачы i бяссiлля так, што не бачна манiтораў. Усё таму, што Беларусь накрыла хваля неапраўданай, бесчалавечнай жорсткасцi. Яна iгнаруе ўсе адэкватныя катэгорыi, якiмi акрэслiваюцца стасункi мiж людзьмi. Ад яе пакутуюць нашыя калегi, дзейныя (у тым лiку i зорныя) асобы спартыўнай суполкi, чытачы “Прэсбола” i анлайн-версii газеты, нашы родныя, блiзкiя ды сваякi…
Гэты боль нельга сцiшыць iнакш, як адмовiцца ад катаванняў ды вербальных прынiжэнняў, а таксама забаранiць фiзiчную расправу ў дачыненнi да тых, хто мiрна стаiць паабапал праспектаў, вулачак правiнцыйных гарадоў цi сельскiх гасцiнцаў. Таму як галоўны рэдактар я звяртаюся ад iмя ўсiх супрацоўнiкаў — былых цi актыўных — выдання “Прэсбол” з просьбай цалкам спынiць агрэсiю супраць простых людзей!
Ведаю, што нас чытаюць i тыя людзi ў мундзiрах с зоркамi на пагонах, што аддаюць суворыя загады з кабiнетаў, i тыя маладзены, якiя толькi-толькi атрымалi першыя лычкi ў ваенным жыццi. Спынiцеся, спынiцеся, калi ласка! Няма больш каштоўнага на зямлi, чым жыццё i здароўе людзей.
…Гэты нумар мы рабiлi з велiзарным цяжарам на душы. I былi моманты, калi адчуванне вырачанасцi ды безвыходнасцi падштурхоўвала спынiцца, выйсцi з белымi аркушамi замест тэкстаў. Аднак журналiсцкае сумленне ўсё ж вымагала перасiлiць сябе i дарабiць прафесiную справу — так, як гэта рабiлi ўсе прэсболаўцы цягам 30 год. Спадзяюся, што i людзi, якiм па абавязках трэба абараняць грамадзян i вартаваць iх спакой, ад сення i надалей таксама будуць дзейнiчаць па сумленнi, з прафесiйным гонарам.
Бо iнакш слова “свята” мы не ўзгадаем яшчэ доўга — якiя б спартыўныя мерапрыемствы ў свеце нi ладзiлiся.
Комментарии
Пожалуйста, войдите или зарегистрируйтесь