Сяргей Крывец. Беларус, домам якога стала польская Познань

21:06, 18 февраля 2021
svg image
2484
svg image
0
image
Хави идет в печали

Сяргей КРЫВЕЦ — адзiн з самых яскравых беларускiх гульцоў мiнулага дзесяцiгоддзя, якi зiмой змянiў калiсьцi хайповае брэсцкае “Дынама” на познанскi “Лех-2” з трэцяга дывiзiёна чэмпiянату суседняй Польшчы.

— Сяргей, як увогуле нарадзiлася iдэя блога па-беларуску?
— Яшчэ ў другой палове 2000-х, калi гуляў за БАТЭ. Iдэю прапанаваў журналiст Мiкiта Мелказёраў, i яна мне вельмi спадабалася. Лiчу, што на той час беларускай мовы ў спорце i спартовай журналiстыцы было мала, i мы хацелi ўзяць рух у гэты бок. Здаецца, гэта дало тады няшмат плёну, але было цiкава.

— Зараз ты вядзеш сацсеткi альбо блогi па-беларуску?
— На жаль, не. У фэйсбук, iнстаграм i iншае пiшу толькi на рускай мове.

— Цi шмат хто з тваiх сяброў размаўляе па-беларуску?
— Вывучалi цi ведаюць многiя, але каб размаўлялi у паўсядзённым жыццi — то не.

— Калi прачнулася цяга да мовы?
— Яе любiў заўсёды. Таксама вельмi падабалася вывучаць i мову, i асаблiва беларускую лiтаратуру. У школе заўжды з задавальненнем хадзiў на гэтыя ўрокi.

— Ты нарадзiўся ў старажытным беларускiм горадзе Гродна. Сям»я размаўляла па-беларуску?
— Не, у асноўным на рускай мове. Але калi ехаў да бабулi ў вёску Дзiвiн, якая знаходзiлася каля ўкраiнскай мяжы, там размаўлялi на дзiўнай трасянцы — сумесi беларуска-ўкраiнска-рускай моў, такога больш нiдзе не чуў.

— Твае любiмыя месцы ў Гродна?
— Гэта вельмi прыгожы горад! У дзяцiнстве i цяпер люблю наведаць Стары i Новы замкi — там ёсць цiкавы музей. Таксама вельмi падабаецца i старажытная Каложская царква.

— А чаму ты, гродзенец, нiколi не гуляў у “Нёмане”?
— Не ведаю. Не клiкалi ў каманду. Хаця ў дзяцiнстве, зразумела, заўзеў за гродзенскi “Нёман”, хадзiў на стадыён амаль на кожны матч, пакуль у пятнаццаць год не паехаў гуляць у Мiнск. Нават пасля мiнулага сезона, калi заставаўся без клуба, з “Нёмана” нiхто не тэлефанаваў. Такi лёс. Што зробiш, напэўна, свой выхаванец не быў патрэбны Гродна.

— Што з сябе ўяўляў мiнскi “Лакаматыў”?
— Клуб узначальваў Анатоль Юрэвiч. Гэта была файная футбольная школа, i менавiта там быў закладзены падмурак для маёй будучай кар»еры. Нешта падобнае на цяперашнi мiнскi “Энергетык”. Я прабыў там амаль пяць год i з»ехаў у БАТЭ.

— Якi сезон у барысаўскiм клубе лiчыш найбольш класным? Калi ў 2008 годзе ўпершыню выйшлi ў групавы этап Лiгi чэмпiёнаў, цi ў 2014-м, калi туды выцягнуў БАТЭ сваiм голам “Дэбрэцэну” на апошнiх хвiлiнах?
— Не стаў бы iх дзялiць. Дзякуй богу, ёсць што ўзгадаць! Не ведаю, калi з»явiцца наступная каманда, якая паўторыць тыя дасягненнi. Можа, сам БАТЭ паўторыць, можа, хтосьцi iншы, але вельмi хацелася б, каб у беларускiм футболе з»явiўся такi ж паспяховы клуб.

— Пераход у французскi “Мец” у 2014 годзе лiчыш пiкам кар»еры?
— Магчыма. Вельмi хацеў трапiць у топ-чэмпiянат, i ў мяне атрымалася. Лiчу гэта дасягненнем: цiкава было там пагуляць, паспрабаваць свае сiлы. Але калi браць саму гульню, яе ўзровень, то былi i лепшыя перыяды.

— У 2009-м усе чакалi, што ты з»едзеш з БАТЭ таксама ў топ-чэмпiянат, тым не менш перайшоў у познанскi “Лех”…
— На самай справе канкрэтная прапанова была толькi ад “Леха”. Палякi звалi дагэтуль паўгода, i мне, i клубу прапанавалi добрыя грошы i ўмовы. Спадабалася канкрэтыка.

— У Познанi ты сустрэў сваю будучую жонку. Як адбылося знаёмства?
— З аднаклубнiкам пайшлi на вечарынку, там i пазнаёмiўся з Патрыцыяй. Так усё i закруцiлася — праз тры гады мы ажанiлiся.

— Веданне беларускай мовы дапамагло хутчэй засвоiць польскую?
— Так, беларуская i польская мовы вельмi падобныя. Мае сябры, якiя пераехалi ў Польшчу i добра не ведалi беларускай, польскую засвоiлi значна цяжэй, чым я ў свой час.

— А жонка разумее беларускую мову?
— Яна i рускую разумее, а беларускую яшчэ лепш. Праблем тут няма.

— Не дыскутуеце часам з жонкай-полькай, хто Адам Мiцкевiч: беларус цi паляк?
— Не. Напэўна, Мiцкевiч — гэта паляк беларускага паходжання. Тут нейкi падзел не мае месца. Ён наш агульны паэт.

— А як назвалi дачок?
— Лiвiя i Iнэс.

— Хто вашыя дзецi зараз больш — беларускi цi полькi?
— Хутчэй усё ж такi полькi, таму што зараз яны больш часу праводзяць у Польшчы. Паглядзiм, як будзе далей. Але ж, вядома, яны ў нейкай ступенi i беларускi. На жаль, з-за зачыненых межаў мала бываюць у Беларусi.

— Што для цябе смачнейшае: дранiкi цi польская нацыянальная страва флякi?
— Дранiкi.

— А дзе зараз ужываеш цi чуеш беларускую мову?
— Чытаю навiны па-беларуску, бывае, слухаю музыку на роднай мове.

— Вернемся да тваёй кар»еры. Пасля “Леха” ты з»ехаў у Кiтай — падзарабiць грошай?
— Фiнансавыя ўмовы сапраўды былi вельмi добрыя. З»явiлася магчымасць атрымаць выгадны кантракт, i я згадзiўся. Не лiчу, што гэта сорамна.

— У 2018 годзе з Польшчы ты перайшоў у брэсцкае “Дынама”. Таксама на выгадны кантракт?
— Не, тыя ўмовы, што былi ў Брэсце, прыкладна такiя, якiя меў дагэтуль. Проста клуб распрацоўваў вельмi перспектыўны праект, i я з радасцю згадзiўся. Тым больш нiкуды далёка ехаць не трэба.

— Шкада было пакiдаць Брэст?
— Так, вельмi шкада. У нас былi добры калектыў, файная атмасфера, толькi пазiтыў. Горад падабаўся мне, жонцы i дзецям, яны жылi са мной, акрамя апошняга года, скамечанага з-за каранавiруса.

— “Рух” прапаноўваў застацца ў Брэсце?
— Не, нi “Рух”, нi “Дынама”.

— А БАТЭ?
— Таксама нiхто не тэлефанаваў…

— Ты шмат каго здзiвiў: топавы, па беларускiх мерках, футбалiст перайшоў у сцiплы “Лех-2” з трэцяга польскага дывiзiёна.
— Мне хутка 35, ёсць сям»я, дзецi. Гэты пераход з перспектывай на будучыню. Хацелася б застацца працаваць у структуры “Леха” пасля завяршэння кар»еры.

— Значыць, Познань — твой дом?
— Можна i так сказаць. Тут у нас дом, дзецi ходзяць у садок. Але ж у футболе нельга загадваць i планаваць наперад.

— А калi паступiць добрая прапанова з Беларусi, вернешся ў наш чэмпiянат?
— Ой, не ведаю. Зараз не думаю пра гэта. Я падпiсаў кантракт, побач сям»я, нам у Познанi камфортна, усё падабаецца.

— У чым галоўнае адрозненне палякаў ад беларусаў?
— Народы вельмi падобныя. Але, як мне падаецца, палякi больш разняволеныя. У беларусаў адчуваецца нейкая зацiснутасць.

БЛIЦ-АПЫТАНКА
Уладзiмiр Караткевiч цi Васiль Быкаў?
Караткевiч.
Сяргей Мiхалок цi Макс Корж?
Мiхалок.
Мiнск цi Гродна?
Мiнск.
Месца ў Беларусi, якое ты ў першую чаргу раiш наведаць iншаземцам?
Мiнск. А з яго ўжо можна далей выбiраць, што каму падабаецца: прырода, архiтэктура.
Самая выбiтная постаць у беларускай гiсторыi, на твой погляд?
Назаву трох: Францiшак Скарына, Тадэвуш Касцюшка i Марк Шагал.

Нашли ошибку? Выделите нужную часть текста и нажмите сочетание клавиш CTRL+Enter
Поделиться:

Комментарии

0
Неавторизованные пользователи не могут оставлять комментарии.
Пожалуйста, войдите или зарегистрируйтесь
Сортировать по:
!?