Дагрэблi...

22:13, 9 августа 2012
svg image
1312
svg image
0

А канчатковыя вынікі, цвёрдыя ў сэнсе медальнага заліку ды яго суадносінаў з найвышэйша зацверджаным планам, падбіваць усё-такі трэба, мусіць, гадоў гэтак праз восем. Аніяк раней. Такая ўжо зараз спартыўная “сэ ля ві”. Даўней як у людзей было? Вясна сама больш на другі год паказвала, хто дзе чаго куды наклаў. Зусім адваротныя правілы “гігіены”, аднак, у алімпійскай сядзібе. Скірдуе яе гаспадар — пяцігаловы цМОК — чалавечыя біяматэрыялы ў пякельным склепе САДА на працягу ажно васьмі вёсен. І ўсё дзеля таго, каб у адзін фатальны момант па д»ябальскаму ўзмаху выцягнуць на свет божы спецыяльную сваю анучу ды не шкадуючы змачыць яе “біама-аналізам” якога-небудзь небаракі. А потым ужо гнаць анлакі-лузера, ні на што не зважаючы, тою самаю анучай. Скіпідарная гэта практыка як раз апрабавана сёлета на знакамітым нашым змагары з пачварным Анты-допінгам — славутым малатабойцы Іване Ціхане. Дзікунства чыстай вады ў прабірцы, якімі б узвышанымі матывамі нi кіраваліся саноўныя экзекутары. Ад Афін да Лондана праз Пекін столькі ўсяго ўцякло ў санвузел, а глядзі ж ты, тэрмін даўніны на няўрымслівага Ваню не распаўсюдзіўся. “Афінець” можна!.. Што да іншых судзейскіх “катаванняў” нашых атлетаў, ад Новікавай да Карнеева, то, як казаў міністр Качан, “трэба быць на галаву мацней, бо ўсе ўмовы створаны”. Даволі крыўдная заўвага, улічваючы, што за медалі (жыццё такое) ў сучасны момант мусіш змагацца не толькі на спартыўным памосце. Пратэставаць супраць самавольства не вельмі пакуль атрымліваецца, і гэта, безумоўна, не ганьба, а так — недарэчнасць, недахоп агульнай мовы з вырашальнікамі спартыўных лёсаў з боку айчынных бонз ад спорту. Але ў беларусаў свой асабісты гонар! Мы зайздросціць па выніку гэтай Алімпіяды нікому не павінны. Няхай усе навокал, сябры па мытнаму саюзу ці нават ворагі квітнеючага ладу жыцця з Захаду зайздросцяць. Бо зрабілі пасланцы сінявокай усё, што змаглі. І нават болей таго…

Натхніўшыся апошнімі каментарыямі футболу па ТБ на роднай мове, нейкі грамадскі актывіст накіраваў лісты тутэйшым клубам з канкрэтнымі прапановамі. А менавіта: больш шырока ўжываць беларускую ў справаводстве, пісаць на майках прозвішчы гульцоў на ёй і гэтак далей… Яшчэ таварыш Сталін, вялікі вучоны, клапаціўся пра нашу мову ў сваёй працы “Марксизм и вопросы языкознания”: “Неужели наши товарищи не знакомы с известной формулой марксистов о том, что нынешняя русская, украинская, белорусская и другие культуры являются социалистическими по содержанию и национальными по форме, то есть по языку? Согласны ли они с этой марксистской формулой?” Нашы футбольныя таварышы аказаліся ўсе цалкам “согласны”. “Шахцёр” адказаў: “Будзем імкнуцца ўлічыць прапановы, народ у нас вельмі прымхлівы”. “Віцебск” запэўніў, што супрацоўнікам і гульцам рэкамендавана больш шырока выкарыстоўваць беларускую мову “пры выкананні службовых абавязкаў і ў паўсядзённым жыцці. У Бабруйску паабяцалі ў кароткi тэрмін падрыхтаваць адпаведнага стадыённага дыктара. Тое самае і ў “Мінску”. Падзякавалі за запыт і ў Мазыры: “Мы лічым гэта важнай справай, адным з галоўных накірункаў патрыятычнага выхавання моладзі, — адзначыў дырэктар “Славіі” Турчын. Ну і ўсе ў гэтым духу інтэлігентна адказалі. Вось, як кажуць, дробязь, а прыемна. Цяпер застаецца толькі сачыць за хуткім выбухам нацыянальнай самасвядомасці ў нашым футболе. На самой справе гэта толькі на карысць гульнi ды агульнай да яе цікавасці. Будзем паглядзець…

Нашли ошибку? Выделите нужную часть текста и нажмите сочетание клавиш CTRL+Enter
Поделиться:

Комментарии

0
Неавторизованные пользователи не могут оставлять комментарии.
Пожалуйста, войдите или зарегистрируйтесь
Сортировать по:
!?